Беларуская Служба

Даволі значны прырост тэмпаў рэпрэсій у Беларусі назіраецца другі квартал запар

30.04.2024 15:11
Гэта адна з асноўных высноў другой часткі даследавання «Барометр рэпрэсіі ў Беларусі», якую прэзентаваў Цэнтр новых ідэй.
Аўдыё
  • Даволі значны прырост тэмпаў рэпрэсій у Беларусі назіраецца другі квартал запар
.
..

На самым пачатку дакумента гаворка ішла пра сітуацыю зняволеных. І хоць гэтая інфармацыя з’яўляецца пэўнай таямніцай, то на падставе вельмі абмежаваных дадзеных усё роўна можна зрабіць выснову, што сітуацыя істотна пагаршаецца. Імаверна, гэтае пагаршэнне мае мэтанакіраваны характар. Палова смерцяў палітзняволеных з 2020 году прыпалі на першыя чатыры месяцы 2024 году.

У пункце «Кантроль» аўтары адзначаюць, што прырост ліквідацыі НДА ў параўнанні з мінулым кварталам склаў 35%. Агулам з 2020 ліквідавана больш за 1600 НДА. Звяртаецца ўвага на дэманстратыўную мілітарызацыю і сістэму сачэння (афлайн і анлайн).

Працягваецца відавочная палітычная сегрэгацыя: на сваіх і натуральных ворагаў, палітзняволеных і з’ехаўшых, працягваецца супрацьдзеянне незалежным СМІ, але самае галоўнае: атака на інфраструктуру салідарнасці.

Тэмп надання розным структурам статусу «экстрэмісцкіх фарміраванняў» павялічыўся на 50%. У апошнім квартале мінулага году экстрэмісцкімі фарміраваннямі былі прызнаныя 16 структур, а ў першым квартале бягучага году – 24. Мінулы квартал быў рэкордным па хапунам. Рост на 65%. Па палітычных матывах за першы квартал бягучага году былі затрыманыя 987 чалавек (болей на 13% чым у папярэднім квартале, але менш, чым у сярэднім за мінулы год).

Прааналізаваўшы ўсе паказнікі, аўтар даследавання Генадзь Коршунаў канстатуе, што даволі значны прырост тэмпаў рэпрэсіў у Беларусі назіраецца другі квартал запар. Спадзеў, калі не на спыненне рэпрэсій, то прынамсі на іх запавольванне, не спраўдзіўся.

-Мы бачым, што па абсалютнай большасці паказнікаў ёсць значнае павышэнне. Зніжэнне прыросту толькі па трох: папаўненне спісу экстрэмістаў, колькасць прызнаных палітвязняў і папаўненне спісу тэрарыстаў. Адносна тэрарыстаў гэта можа быць тэхнічны момант. Калі КДБ адновіць свой сайт, нас можа чакаць выбух прызнанняў людзей тэрарыстамі.

Павышаюцца паказнікі цэлага шэрагу відаў ціску з выкарыстаннем экстрэмістычнага і антытэрарыстычнага заканадаўства. Агульная колькасць затрыманых за першы квартал склала амаль тысячу чалавек. На 13% больш, чым за папярэдні перыяд. Асноўная колькасць прыпала на студзень-люты. Калі раней рэпрэсавалі за аказанне дапамогі, то зараз за яе атрыманне.

Трэнд дамінацыі адміністратывак над крыміналкамі, на жаль, зламаўся. Калі раней назіраўся рост адміністратыўнага пераследу і зніжэнне колькасці крыміналак, то ў першым квартале гэты трэнд зламаўся. Першы квартал прынёс рост і адміністратыўнага, і крымінальнага пераследу.

Генадзь Коршунаў адзначыў, што агучаныя імі колькасныя звесткі варта інтэрпрэтаваць як мінімальна магчымыя паказнікі. У рэчаіснасці лічбавыя характарыстыкі рэпрэсій у Беларусі будуць істотна вышэйшымі.

слухайце аўдыё

ав